Новости / 15.06.17

Берасцейскаму актывісту прафсаюза РЭП вярнулі сцяг

Аляксандру Сахаруку з Берасця міліцыя вярнула бела-чырвона-белы сцяг.

12 чэрвеня берасцейскаму вэтэрану-«афганцу» і актывісту прафсаюза РЭП Аляксандру Сахаруку патэлефанавалі з Ленінскага РАУС і парасілі прыйсці і забраць свае рэчы. Справа ў тым, што падчас афіцыйнага шэсця 9 траўня ў Берасці, міліцыя забрала публічна ўзняты Аляксандрам бел-чырвона-белы сцяг. Сахарук, асцерагаючыся падвоху, адмовіўся ісці без позвы. Але міліцыянт паведаміў, што прыйсці ў РАУС можна ў любы час і проста забраць. Каб пазбегнуць магчымых правакацый, Сахарук пайшоў у міліцыю з юрыстам прафсаюза РЭП Уладзімірам Малеем.

– Я напісаў распіску і забраў свой сцяг, – распавядае Аляксандр. – Экспертыза, як я зразумеў, праводзілася. Але якая экспертыза? Я ж купіў гэты сцяг у краме. Я буду настойваць, каб рашэнне той экспертызы было ў мяне на руках, каб у будучыні я мог карыстацца гістарычным сцягам на законнай аснове. Сцяг прадаецца – значыць ім можна карыстацца.

***

9 траўня Аляксандра Сахарука затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг на афіцыйным мерапрыемстве і спрабавалі звінаваціць у парушэнні «правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў». Міліцыянты да суда змясцілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця. Пасля тлумачэнняў адпусцілі. Суда так і не адбылося.

Прочитано 163 раз