Новости / 19.06.17

Агент КДБ, які даносіў на юрыста РЭП у Гомелі, уцёк у Польшчу і даў інтэрвію

20 год Сяргей Васільеў з Гомля вёў падвойнае жыццё. Інфарматык па адукацыі, ён спачатку займаў пасаду на камбінаце «Мілкавіта», а пасля ўзначаліў цэнтр інфармацыйных тэхналогіяў пры Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажыўкааперацыі. Паспяховая кар’ера, узорная сям’я. І дамова аб супрацы з КДБ, падпісаная Васільевым яшчэ ў 1995 годзе.


Сяргей Васільеў

Сярод ягоных заданняў былі кантрольная закупка наркотыкаў, выяўленне прызыўнікоў, што ўхіляліся ад службы ў войску, назіранне за апазіцыйнымі актывістамі і апошняе – стварэнне нібыта незалежнага сайту gomelbest.com.

Мінулай восенню Васільеў з’ехаў з Беларусі ў польскі Шчэцін. Ужо ў эміграцыі ён адключыў сайт і паставіў куратара з КДБ перад фактам: іхная супраца скончаная.

Экс-агент дзяржбяспекі сам выйшаў на сувязь з журналістамі «Белсату» і прызначыў сустрэчу, каб даць першае ў сваім жыцці інтэрвю.

 

«У 95-м падавалася, што гэта крута»

– Атмасфера ў Гомлі сярэдзіны 90-х была такая ж, як і паўсюль: на кожным кроку бандыты, квітнеў крымінал усіх гатункаў. У 20 год мне хацелася змагацца са злачыннасцю і я вырашыў уладкавацца ў міліцыю. Не ўзялі праз кепскі зрок. Але падышоў чалавек і прапанаваў супрацоўнічаць з органамі дзяржбяспекі. Тады, у 95-м у маёй галаве была юнацкая рамантыка, максімалізм, падавалася, што гэта крута. Я не цікавіўся палітыкай, мала што ведаў пра Лукашэнку – быў звычайным хлопцам, якіх тысячы. І падпісаў паперку аб супрацы пад псеўданімам Сімон. КДБшнік пасмяяўся: маўляў, у нас звычайна ўсе «ільвы» ды «пантэры», а тут нейкі Сімон.

З першым куратарам склаліся сяброўскія адносіны. Мы часта хадзілі на піва, сядзелі ў рэстарацыі ў гатэлі «Сож». Часам да нашай кампаніі далучаліся іншыя КДБшнікі, напіваліся ўсе па-страшнаму, але ніхто ў гэтай «тусоўцы», акрамя майго куратара, не ведаў, што я – агент. Пазней куратар распавёў пра правілы: з няштатнымі кантактуе толькі адзін кадравы супрацоўнік. Увогуле, ён шмат распавядаў. Напрыклад, кожны аператыўнік абавязаны выканаць план – завербаваць 5 новых агентаў у год. Усе падручнікі па вярбоўцы – савецкія. А яшчэ ў Гомельскім упраўленні КДБ ёсць «каса» са сродкамі на тое, каб частаваць інфарматараў, рабіць падарункі важным людзям. Сустрэчы з інфарматарамі адбываюцца або ў гатэлі «Сож», або ў ДК глуханямых – улюбёным месцы КДБшнікаў.

ДК “Віпра”, Гомель – тое месца сустрэчы КДБ с інфарматарамі, пра якое кажа Васільеў. Фота – GomelStreet.info

 

Маім першым заданнем было выкрыццё прызыўнікоў, што ўхіляліся ад службы. Але хацелася больш сурёзнай працы, чым паходы ў ваенкамат. На пачатку 2000-х у Гомлі дзейнічала буйная сетка наркагандлю і аднойчы аператыўнікі ўзялі мяне з сабой на затрыманне кур’ера. Я зрабіў кантрольную закупку – набыў наркотыкі, адразу ж пад’ехала адмысловая група і яго скруцілі. Гэты хлопец атрымаў пару гадоў «хіміі», але галоўныя дылеры скончылі кепска. Адзін нават павесіўся. Грошай за гэтае заданне не далі, я проста зрабіў паслугу сябрам з КДБ.

Куратара мне змянілі, бо той пайшоў на падвышэнне і заняўся аналітыкай. І я пэўны час быў непатрэбны «канторы».

 

Gomelbest.com, скарочана – ГБ

– У 2007 годзе Аляксандр Мікалаевіч Цітоў, які цяпер займае пасаду намесніка старшыні Гомельскага УКДБ, звярнуўся наўпрост да мяне з просьбай стварыць сайт, дэталяў пра кантэнт не паведаміў. На той момант я скончыў завочна Гомельскі ўніверсітэт са спецыялізацыяй «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі». Карацей, Цітоў звярнуўся па адрасе. Запусцілі сайт info-com.info, ён праіснаваў пару месяцаў, а пасля я зрабіў gomelbest.com. Цітову падабалася, што скарочаная назва гучала як «ГБ».

Спачатку сайт працаваў на адмін-панэлі Joomla, потым я перавёў на іншую – WordPress. Неўзабаве там пачалі з’яўляцца артыкулы пра апазіцыю выкрывальніцкага характару, пасквілі на мясцовых апазіцыянераў. За змест адказвалі непасрэдна супрацоўнікі КДБ. Мяркую, што частку артыкулаў напісаў асабіста Цітоў.

У інтэрнет-архіве і сёння можна знайсці  некаторыя артыкулыgomelbest.com. Гэтак, напярэдадні парламенцкіх выбараў 2008 году на сайце быў апублікаваны тэкст «ЛЛ наизнанку» пра гомельскага праваабаронцуЛеаніда Судаленку, які тады балатаваўся па Хойніцкай выбарчай акрузе. Аўтар называў яго «Лёнькай»грантасмокам», «лайдаком», а прафсаюз РЭП – «бутафорскай арганізацыяй». Пазней, у 2015 годзе, Судаленка паскардзіўсяў міліцыю – у чарговай публікацыі на gomelbest.com яму пагражалі фізічнай расправай над ягоным непаўналетнім дзіцяці.

– Героі такіх публікацый перыядычна звярталіся ў міліцыю, патрабуючы высветліць, хто кіруе сайтам. Міліцыя давала адпіскі кшталту «устанавіць асобу, якая размясціла дадзеную інфармацыю, не ўяўляецца магчымым». На тым этапе я ўжо разумеў, з кім маю справу, але паставіў мэту – дайсці да канца, зафіксаваць кожны крок, каб пасля зрабіць публічнай інфармацыю пра тое, як працуе КДБ. Дарэчы, сайты кшталту gomelbest.com яны ствараюць па ўсёй краіне.

У 2008 годзе КДБ заключыў са мной афіцыйную дамову. Натуральна, без аніякіх копіяў – далі падпісаць толькі апошнюю старонку. Заробак няштатнага супрацоўніка невялікі – 10-15 базавых велічыняў, амаль усё сыходзіла на ўтрыманне сайту. Грошы атрымліваў наяўнымі, проста ставіў подпіс на паперцы.

«Лепш за цябе сайт ніхто не зробіць», – казаў чарговы куратар, даючы грошы. У 2010 годзе я ўпершыню задумаўся пра эміграцыю.

 

«У КДБ папрасілі падкінуць наркотыкі апазіцыйнай актывістцы»

– Увесь аддзел канстытуцыйнай бяспекі займаецца выключна пераследам апазіцыі. Акрамя працы з сайтам, я прысутнічаў на розных мерапрыемствах у офісе апазіцыйных арганізацыяў на вуліцы Палескай. Мусіў перадаваць, хто прыходзіў, што абмяркоўвалі. Вячорка выступаў з лекцыяй пра мультымедыя, напрыклад, а я сядзеў і слухаў.

Пераломны момант здарыўся ў 2011 годзе. Мяне як няштатніка настойліва прасілі пазнаёміцца з лідарам «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» Вячаславам Дыянавым, праўда, не атрымалася. Давялося хадзіць і на «маўклівыя акцыі». Па-першае, самому было цікава, па-другое… ну зразумела.

У Гомлі была адна дзяўчынка-актывістка РЧСС, Ксенія Яраслаўцава. КДБшнікі ну вельмі хацелі спыніць акцыі, пачалі ёй пагражаць, што адбяруць дзіця. Органы апекі нацкавалі з праверкай. Гэта не спрацавала і куратар прапанаваў мне выканаць чарговае заданне: падкінуць Ксеніі наркотыкі. Так робяць, калі разумеюць, што па-іншаму чалавека не даб’еш. Але я адмовіўся.

Ксенія Яраслаўцава, фота з сацыяльных сетак

 

Мы звязаліся з Ксеній Яраслаўцавай і яна пацвердзіла, што ведае Васільева з часоў «маўклівых акцый». Таксама Ксенія пацвердзіла факт пагрозаў з боку КДБ датычна дзіцяці.«Пасля выкліку на размову ў КДБ прыходзіла камісія па справах няпоўнагадовых, правяралі ўмовы жыцця, нібыта ад суседзяў паступіла скарга», – сказала былая актывістка. Пра план КДБ з наркотыкамі яна ведаць не магла. У 2011 годзе Ксеніі споўнілася ўсяго 19.

– У КДБ была такая пазіцыя: хай лепш ніхто не выходзіць на акцыі. Яны гатовыя не ціснуць на апазіцыянераў, калі тыя будуць ціха сядзець па кутках і «стукаць» адзін на аднаго. На апошнюю акцыю РЧСС у Гомлі не прыйшлі нават аператыўнікі, каб увогуле не было ні душы.

«Па незалежнай прэсе працуюць у Менску»

– Мой куратар хацеў, каб я «ўліўся» у журналісцкае асяроддзе, каб прыкінуўся журналістам. Найбольшую цікаўнасць у КДБ выклікае Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). Некалькі гадоў таму БАЖ ладзіў паездку на навучальныя курсы для аператараў ва Украіне. Куратар сказаў: «Сяргей, пастаўся сурёзна. Ты едзеш з заданнем». Думаю, такі чалавек «з заданнем» заўжды замацаваны за беларускімі журналістамі ў паездках на розныя семінары ды канферэнцыі.

Увогуле, незалежнай прэсе надаецца настолькі вялікая ўвага, што па ёй працуюць у Менску, на найвышэйшым узроўні. Абласным упраўленням не дазволена прымаць уласныя рашэнні ў гэтай сферы. Занадта вострая тэма для КДБ.

Найбольшыя нападкі на сайце gomelbest.com ішлі як раз на «Белсат», на мясцовых карэспандэнтаў. Памятаю, як куратар выдаў старую камеру для асабістага карыстання, а яна аказалася канфіскаванай у «белсатаўцаў».


Грашовы перавод ад супрацоўніка КДБ на ўтрыманне сайту

 

 

 «Я даваў падпіску аб неразгалошванні, таму ў Беларусі мяне чакае турма»

Канешне, я не папярэджваў КДБ аб сваіх намерах. У верасні 2016 году я проста з’ехаў разам з сямʼёй. Абраў Польшчу, бо маю польскія карані. Інтэрвю я даю не для таго, каб атрымаць прытулак. Дзякуючы польскім караням, у наступным годзе разлічваю на польскае грамадзянства.

За два гады да ад’езду я пачаў здымаць на відэарэгістратар у машыне нашыя размовы з куратарам. Было страшна, камера магла «запікаць» у любы момант. Разумеючы, што акрамя гэтых відэазапісаў не маю дакументальных пацверджанняў, я папрасіў апошняга куратара, Сяргея Волкава, праз WesternUnion пералічыць грошы на развіццё сайту сюды, у Шчэцін. Атрымаўшы іх, я адразу адключыў сайт. Куратар больш на кантакт не выходзіў.

Ці баюся помсты? Натуральна, так. У Польшчу яны могуць і не дабрацца, але ў Беларусі мяне дакладна чакае турма. Я даваў падпіску аб неразгалошванні, таму парушыў закон… Хаця ведаю хлопца, якога ў псіхіятрычны шпіталь запіхнулі, калі той абнародаваў супрацу з КДБ.

Цяпер КДБ зрабіў сайт-люстэрка gomelbest.info, невядома, хто яго адмініструе. Ну а я, як у тым анекдоце, ужо на Захадзе.

 

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Прочитано 399 раз
  • Выделить: no