Новости / 19.04.18

"Як вольна пачуваюцца праўладныя дзеячы, якія арганізуюць што хочуць, дзе хочуць і калі захочуць"

Дзяніс Рабянок, кіраўнік Калінкавіцкай прафгрупы РЭП, наведаў суд, які абвяшчаў рашэнне па скарзе Уладзімра Целепуна: праваабаронца абскарджваў забарону пікетаў у падтрымку прафсаюза РЭП.


Уладзімір Целяпун. Фота Дзяніса Рабянка

Свае ўражанні ад судовага паседжання і развагі аб свабодзе сходаў у Беларусі прафсаюзны актывіст выказаў на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку:

 

Сёння ў судзе Мазырскага раёна было абвешчанае рашэнне па скарзе на дзеянні мясцовага райвыканкама, якую падаваў у суд праваабаронца Уладзімір Целяпун. У сакавіку гэтага года ён звярнуўся да ўладаў з заявай, каб атрымаць дазвол на арганізацыю і правядзенне ў Мазыры на Плошчы Леніна пікета, на якім планаваў выказаць пратэст супраць пераследу Незалежнага прафсаюзу РЭП, супраць беспадстаўных выклікаў чальцоў прафсаюза на допыты ў Следчы камітэт, супраць крымінальнай справы, што распачалі ў адносінах да лідараў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

У артыкуле 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь чорным па белым запісана, што "кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне". Больш за тое — свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, згодна з артыкулам 35 Канстытуцыі, таксама ГАРАНТУЕЦЦА дзяржавай. Але мы жывем у сітуацыі, калі Канстытуцыя і паўсядзённая рэальнасць існуюць у абсалютна розных прававых вымярэннях і ніяк не судакранаюцца.


Фота Дзяніса Рабянка

Здаецца, ну каму і чым можа перашкодзіць сціплы пікет у цэнтры Мазыра з невялікай колькасцю ўдзельнікаў працягласцю 60 хвілін? Але ж грамадзянская актыўнасць ды яшчэ і пратэст супраць дзеянняў сілавых структур — гэта ў нашых умовах ледзь не злачынства. І чыноўнікі маюць у сваіх руках выдатны і зручны інструмент, каб забараніць любую спробу арганізацыі любой публічнай акцыі. Гаворка пра сумнавядомы Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", які не толькі дае права чыноўнікам абмяжоўваць месца правядзення масавых мерапрыемстваў, але і патрабаваць ад іх арганізатараў аплаты паслуг міліцыі, медыкаў і камунальных службаў шляхам заключэння папярэдніх дамоў, якія трэба прыкласці да заявы ў выканкам. І вось тут пачынаецца фантасмагорыя абсурду!

Прадстаўнік Мазырскага райвыканкаму на судзе кажа: звяртайцеся ў адпаведныя структуры і заключайце дамовы. А кіраўніцтва мазырскай паліклінікі піша, што вы спачатку атрымайце дазвол на правядзенне пікета ў райвыканкаме, а потым ужо мы будзем вырашаць пытанне з дамовай на медычныя паслугі. А з РАУСа ўвогуле прыйшоў адказ, што з усімі пытаннямі наконт дамоваў і аплаты трэба звяртацца не да іх а да службовых асоб райвыканкама! Такія вось "лабірынты" нашай "дэмакратыі"...


Фота Дзяніса Рабянка

Дзе ўжо тут казаць пра тое, што Беларусь падпісала і ратыфікавала (значыць, узяла на сябе абавязкі па выкананні) Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ПАВІНЕН выконвацца ўладамі Беларусі. Свабода публічных грамадзянскіх і палітычных акцый — адно з асноўных правоў грамадзян, і, згодна з дадзеным Пактам, можа абмяжоўвацца толькі пад час надзвычайнага становішча ці пры ўмове стварэння пагрозы здароўю, жыццю, правам і свабодам іншых людзей. Пры гэтым, як кажа Венская Канвенцыя (яшчэ адзін міжнародны дакумент, які таксама ратыфікаваны Беларуссю), дзяржава не можа спасылацца на ўнутранае заканадаўства з мэтай абмежавання палітычных і грамадзянскіх правоў, замацаваных на міжнародным узроўні. Надзвычайнага становішча ў нас пакуль няма, а Уладзімір Целяпун разам з аднадумцамі, стоячы ў пікеце на мазырскай Плошчы Леніна ні ў якім разе не мог пагражаць ні жыццю, ні здароўю жыхароў Мазыра, ні тым больш не рабіў замаху на іх законныя правы.

Што ж маем у выніку? Суд стаў на бок вертыкалі, адмовіўшы ў задавальненні скаргі. Нават намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама, які прымаў рашэнне адмовіць ў правядзенні пікета, не быў выкліканы ў суд, чаго дамагаўся Уладзімір Целяпун. Такі вось кошт усім гэтым пактам і канвенцыям, удзельнікам якіх з'яўляецца Беларусь, як дзяржава. Пра Канстытуцыю і казаць не хочацца — плакаць трэба, як кажуць... Асабліва на фоне таго, як вольна сябе пачуваюць розныя праўладныя дзеячы, якія арганізуюць што хочуць, дзе хочуць і калі захочуць, не маючы праблем ні з міліцыяй, ні з выканкамам. Я б назваў гэта "грамадзянскай сэгрэгацыяй", калі жыхары і грамадзяне Беларусі свядома падзелены на людей першага і другога "гатунку"... А папера ўсё сцерпіць.

Прочитано 1438 раз
  • Выделить: no