Стоит почитать / 30.11.-1

Беларуская нацплатформа Усходняга партнёрства прыняла заяву ў падтрымку беларускіх незалежных прафсаюзаў

ў Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі Беларуская нацплатформа ФГС Усходняга партнёрства прыняла Заяву ў падтрымку беларускіх незалежных прафсаюзаў.


г. Мінск, 4 жніўня 2017
Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь
Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Бела


Заява
Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства 
 
У сувязі з крымінальным пераследам кіраўнікоў беларускіх незалежных прафсаюзаў

 

Раніцай 2 жніўня 2017 г. у мінскім офісе Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і салігорскім офісе Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь у сувязі з узбуджанай крымінальнай справай былі праведзены ператрусы і затрыманні кіраўнікоў Беларускага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, Ігара Комліка.
 
Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП разглядае гэта крымінальны пераслед як палітычна матываваныя дзеянні беларускіх уладаў з мэтай ціску на кіраўніцтва і членаў незалежных прафсаюзных арганізацый, дыскрэдытацыі лідэраў прафсаюзнага руху ў вачах шырокай грамадскасці і папярэджання магчымых пратэстных акцый восенню 2017 года, звязаных з пагаршэннем эканамічнага становішча грамадзян краіны і працягам дзеяння Дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» які супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Роля незалежных дэмакратычных прафсаюзных аб'яднанняў вельмі важная для абароны сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян, для прадстаўлення інтарэсаў беларускіх працоўных у дыялогу з сацыяльнымі партнёрамі - дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі наймальнікаў (працадаўцаў). Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў ўваходзіць у склад удзельнікаў Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, таму пераслед нашых калег мы разглядаем як ціск на дэмакратычныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў цэлым.
 
Для дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, асабліва тых, якія займаюць крытычную пазіцыю ў адносінах да палітычнага курсу кіраўніцтва краіны, за апошнія 15 гадоў у Беларусі створаны вельмі неспрыяльныя прававыя і матэрыяльныя ўмовы. Многія грамадскія арганізацыі, незалежныя прафсаюзы, палітычныя партыі не па сваёй волі фактычна пазбаўленыя магчымасці дзейнічаць у легальным прававым полі Беларусі, за што ў выніку церпяць пераслед. Вырашыць дадзеную праблему можна досыць лёгка, абвясціўшы ў краіне палітычную лібералізацыю, адмяніўшы дазвольную сістэму рэгістрацыі праектаў, што фінансуюцца міжнароднымі арганізацыямі, выключыўшы з Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь артыкул 193.1 (крымінальная адказнасць за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных аб'яднанняў) і адмовіўшыся ад практыкі выбарачнай рэгістрацыі і неабгрунтаванай ліквідацыі суб'ектаў грамадзянскай супольнасці.
 
Ацэньваючы дзеянні ўладаў у дачыненні да лідэраў незалежных прафсаюзаў як чарговую дэманстрацыю сілы, адмову ад дыялогу з беларускім грамадствам, мы заклікаем адпаведныя службовыя асобы Рэспублікі Беларусь у тэрміновым парадку спыніць неабгрунтаваны крымінальны пераслед, не дапусціць павелічэння колькасці палітычных зняволеных, а таксама палітычна матываваных рэпрэсій у адносінах да суб'ектаў грамадзянскай супольнасці Беларусі, ўстрымацца ад іншых дзеянняў, якія наносяць шкоду рэпутацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне.
 
Мы ў поўнай ступені падзяляем і падтрымліваем раней зробленыя па дадзенай сітуацыі заявы суб'ектаў грамадзянскай супольнасці нашай краіны, у прыватнасці сумесную заяву беларускіх праваабарончых арганізацый і заяву Рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Заклікаем грамадскія арганізацыі і рухі Рэспублікі Беларусь, краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага саюза не застацца ў баку і выказаць сваю салідарную падтрымку нашым калегам. Каардынацыйны камітэт БНП ФГС УП


      Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства заснавана ў ліпені 2010 года, аб'ядноўвае на аснове пра-еўрапейскіх каштоўнасцяў больш за 80 арганізацый і ініцыятыў розных сфер дзейнасці.
Прочитано 399 раз