Стоит почитать / 31.07.18

Сьведка ў «справе РЭП», які на допыце прызнаўся ў перавозцы грошай, у судзе ад паказаньняў адмовіўся

На другі дзень працэсу над лідэрамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам працягваюць дапытваць сьведак.

 

Сьведка Мікалай Герасіменка расказаў у судзе, што да яго прыехалі раніцай 2 жніўня 2017 году двое ў цывільным на дарагой іншамарцы, павезьлі ва ўпраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў на вуліцу Петруся Броўкі ў Менску і цягам 8 гадзін дапытвалі.

На допыце яму пагражалі, кажучы: «Сёньня адсюль ня выйдзеш, канвой побач, прызнавайся».

Прэс-сакратар прафсаюзу Мікалай Герасіменка, архіўнае фота
Прэс-сакратар прафсаюзу Мікалай Герасіменка, архіўнае фота

Герасіменка займаў у РЭП пасаду спэцыяліста па інфармацыйнай працы і езьдзіў на сэмінары ў розны час, тэмы — афармленьне сайту, кампутарная бясьпека. Заробак у РЭП атрымліваў па ведамасьці. Іншых узнагароджаньняў не атрымліваў. Ведае, што бюджэт прафсаюзу фармуецца зь сяброўскіх складак і добраахвотных ахвяраваньняў. Пра перавоз грошай нічога ня ведае, ніколі гэтым не займаўся, наагул пра фінансавыя справы прафсаюзу нічога ня ведае. Адзін раз яму перадалі грошы ў канвэрце — кампэнсацыю за праезд на сэмінар.

Сьведка настойвае, што яму пагражалі і што ён падпісаў пратакол без акуляраў, не чытаючы. Прымусілі таксама зрабіць падпіску аб невыдаваньні. Пазьней яго выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт.

Пракурор зачытаў пратакол допыту Герасіменкі ад 2 жніўня, паколькі ёсьць супярэчнасьці ў паказаньнях:

«Акрамя заробку па ведамасьці памерам у 200 рублёў, штомесяц я атрымліваў 300 эўра ў канвэрце. Таксама я перавозіў грошы ў белым канвэрце зь Вільні, ня ведаў, колькі там, усяго разоў 8».

Грошы перадавалі Комлік ці Фядыніч у Вільні на вакзале ці ў транспарце, вяртаў канвэрт пасьля перасячэньні мяжы. Грошы перавозілі і іншыя калегі па працы — Есіповіч, Юхнавец, Пічужкіна ды іншыя.

Герасіменка прызнаў, што паказаньні даваў, але часткова зь імі ня згодны. У судзе заявіў: тое, што 8 разоў перавозіў грошы — гэта няпраўда, ён прасіў раней выключыць гэта з пратаколу допыту, паколькі даваў паказаньні пад пагрозамі ў прыгнечаным, запалоханым стане, лічачы сябе падазраваным у справе.

 

Дабратвор: «У пратаколе сьледчы пісаў тое, што яму патрэбна»

Другі сьведка, Ільля Дабратвор, працаваў у прафсаюзе цягам году ў 2015-м, заробку ня меў, аднак пісаў заявы на матэрыяльную дапамогу і яе атрымліваў. За мяжу па лініі РЭП не выяжджаў, на тэрыторыі Беларусі — удзельнічаў.

Ільля Дабратвор, архіўнае фота
Ільля Дабратвор, архіўнае фота

Паколькі ёсьць супярэчнасьці зь пісьмовымі паказаньнямі, судзьдзя зачытала пратакол допыту: «Дабратвор штомесяц атрымліваў неафіцыйна матэрыяльнае ўзнагароджаньне ад Комліка ці Фядыніча, пры гэтым расьпісваўся ў блянку».

Дабратвор у судзе адмовіўся ад гэтых паказаньняў, бо, маўляў, сьпяшаўся забіраць дзяцей і падпісаў, не чытаючы пратаколу.

«Я не даваў такіх паказаньняў падчас допыту, падпісаў пратакол даверліва, думаючы, што сьледчы пісаў тое, што я казаў. А там вольная трактоўка маіх слоў, сьледчы пісаў тое, што яму было патрэбна».

Прочитано 473 раз