Стоит почитать / 05.10.18

МТЗ хоча ўвесці плату за праезд у службовым транспарце

Работнікам выпрабавальнага цэнтру МТЗ хочуць зрабіць платны ўваход на працу. Фактычна так выглядае сітуацыя, якая склалася з даездам супрацоўнікаў на выпрабавальны палігон, які знаходзіцца ў пасёлку Абчак за 30 кіламетраў ад прахадной завода ў Мінску па Магілёўскай шашы.

 

Новы электробус МТЗ. Фота суразмоўцы «НЧ»

«Транспартны калапс»

Адзін з супрацоўнікаў выпрабавальнага цэнтра на ўмовах ананімнасці пагадзіўся распавесці «Новаму Часу» пра сітуацыю, якая склалася.
 
Цягам амаль 60 год існавання выпрабавальнага палігона людзей (а гэта больш за 100 работнікаў выпрабавальнага цэнтра «Трактар» і цэха выпрабаванняў ААТ «МТЗ») на працу дастаўлялі два бясплатныя службовыя аўтобусы трактарнага завода. Але сёлета ў верасні сітуацыя змянілася. Без папярэдняга ўзгаднення з работнікамі і прафсаюзамі падраздзяленняў, і нават без папярэджання напярэдадні супрацоўнікаў базы ад прахадной Мінскага трактарнага завода на 15 хвілін раней звычайнага стаў забіраць маленькі аўтобус, разлічаны ўсяго на 28 чалавек. Амаль месяц супрацоўнікі мусілі дабірацца на працу, з цяжкасцю змяшчаючыся ў салон. І калі некаторыя, у шкоду ўласнаму бюджэту, вымушаны былі перасесці на асабісты транспарт, у многіх такой магчымасці проста няма. Гарадскі і прыгарадны транспарт, які мог бы ў прызначаны час давозіць людзей да месца працы, таксама адсутнічае.
 
Праезд ад прахадной МТЗ да выпрабавальнага цэнтра займае 25 хвілін, але з улікам перасадак і аддаленасці транспартных прыпынкаў ад месца працы даезд можа расцягнуцца да 1 – 1,5 гадзіны ў адзін бок. У той час працоўная змена ў цэнтры пачынаецца ў 7.45 раніцы, таму работнікі перакананы, што гэта ў цэлым пагаршае ўмовы працы.

Апроч таго адміністацыя завода ў вуснай форме запатрабавала ад работнікаў аплачваць кошт праезду да працы з уласнай кішэні. Праўда, ніякіх загадаў і іншых дакументаў дырэкцыя прадпрыемства з гэтай нагоды не выпускала.
 

Хто плаціць за электробус?

Як стала вядома работнікам цэнтра, затраты на аўтобус, які дастаўляе людзей да месца працы, за месяц складаюць 10 000 рублёў. Інфармацыя пра тое, што гэтыя грошы будуць спаганяць з супрацоўнікаў, з’явілася спачатку на ўзроўні чутак. Аднак калі з 1 кастрычніка работнікаў у Абчак стаў вазіць ужо не маленькі бус, а электробус, набыты МТЗ нядаўна, узніклі падазрэнні, што менавіта на аплату гэтай пакупкі з людзей збіраюцца браць грошы. У новым транспарце ўсяго 29 месцаў для сядзення, агулам у ім можна перавезці 86 пасажыраў. Як вынікае з нататкі на сайце abw.by, электробус МТЗ набыў як раз для таго, каб перавозіць супрацоўнікаў заводу з Мінска ў Абчак. Акрамя гэтага, электробус планавалася задзейнічаць у праграме прамысловага турызму на МТЗ – вазіць па заводзе экскурсійныя групы. Адзначаецца, што завод набыў інавацыйны транспарт не дзеля моды – на прадпрыемстве пралічылі, што, нягледзячы на вялікія пачатковыя выдаткі, акупіцца электробус досыць хутка. Вось толькі за чый кошт?..
 
Прочитано 1229 раз