Профблог / 29.07.18

Дзяніс Рабянок: "Як прафесію ліцейшчыка можна пазбавіць статуса "працы ў цяжкіх умовах"?!

Амаль тры дзясяткі гадоў нам кажуць пра парадак і дысцыпліну, як адно з галоўных дасягненняў той палітычнай сістэмы, якая кіруе Беларуссю. Законы, указы, дэкрэты і нават дырэктывы, распараджэнні і цыркуляры, процьма кантрольных органаў, якія павінны абараняць грамадзян ад сваволля бюракратыі і стаяць на варце правоў беларусаў. Павінны... На паперы і ў гучных прамовах чыноўнікаў. А што ж у рэальнасці?


Дзяніс Рабянок, кіраўнік Калінкавіцкага аддзялення прафсаюза РЭП

А ў рэальнасці Руслан Метлицкий —сябра Незалежны прафсаюз РЭП з Калінкавіч у выніку нядбайнасці службовых асоб мясцовага рамонтна-механічнага завода страціў цэлы месяц працоўнага стажа ў небяспечных умовах, што пазбавіла яго магчымасці датэрміновага (у 56 гадоў) выхаду на пенсію. Прычына — у несвоечасова праведзенай атэстацыі яго працоўнага месца.

Здымак Dzianis Rabianok
Руслан Мятліцкі, сябра прафсаюза РЭП. Фота Дзяніса Рабянка

26 ліпеня ва ўпраўленні сацыяльнай абароны насельніцтва калінкавіцкага райвыканкама адбылося пасяджэнне адмысловай камісіі, якая займаецца пытаннямі прызначэння пенсій. Па яе выніках чыноўнікі канстатавалі, што на сённяшні дзень Руслан не мае права на датэрміновую пенсію, яму было прапанавана звяртацца з заявай у Гомель, у спецыяльны орган, які надзелены правам праводзіць праверку па такіх справах і можа сваім рашэннем абавязаць калінкавіцкі рамонтна-механічны завод уключыць страчаны па віне адміністрацыі дадзенага прадпрыемства месяц працы у стаж, неабходны для атрымання пенсіі.

Вось такая ў нас дзяржава, чалавек працуе, добрасумленна выконвае свае абавязкі, нічога не ведаючы пра тое, што начальнікі ва ўтульных кабінетах займаюцца няведама чым і нават не могуць запланаваць, маючы ў запасе 3 гады(!), арганізацыю і правядзенне новай атэстацыі, згодна з усімі патрабаваннямі Закона, каб не парушаліся правы рабочых. І ніхто іх не кантралюе, не сочыць, не карае за парушэнні.

А дзе ж той самы парадак?!

Ёсць і іншы аспект, які таксама вельмі важны. Пасля правядзення той самай (з парушэннямі тэрмінаў) атэстацыі прафесія ліцейшчыка металаў на калінкавіцкім рамонтна-механічным заводзе была выкрасленая з так званага "першага спісу" прафесій з цяжкімі ўмовамі працы. У такіх выпадках Закон патрабуе абавязковага азнаямлення ўсіх, хто працуе ў такіх умовах, з вынікамі атэстацыі. Але гэтага не было зроблена! Сам Руслан кажа што, фактычна, умовы працы на ліцейцы засталіся ранейшымі, і, калі б ён ведаў, што, аказваецца, ужо працуе не ў шкодных умовах, то адразу б звольніўся, а не гробіў здароўе.

Вось такую маем мы дзяржаву, дзе чалавек вымушаны траціць свае сілы, грошы, нервы і здароўе, каб атрымаць тое, на што мае законнае права. Як яшчэ нам далёка да таго моманту, калі знакаміты лозунг нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага стане рэальнасцю: "Не народ для ўрада, а ўрад для народа!"

Асабіста ж мне, хоць я, вядома, не эксперт у пытаннях тэхнікі і аховы працы, ніколі не зразумець, ЯК прафесію ліцейшчыка можна пазбавіць статусу "з цяжкімі умовамі працы"? І ЯК можна даваць права выхаду на пенсію ў 48 гадоў (а то і раней!) розным кабінетным супрацоўнікам з пагонамі і без, пазбаўляючы гэтага права рабочых з "гарачага" цэху?! У дзіўнай, мякка кажучы, дзяржаве мы з вамі жывем..

Дзяніс Рабянок, кіраўнік Калінкавіцкага аддзялення прафсаюза РЭП

Прочитано 241 раз
  • Выделить: no