Профблог / 30.08.18

Дзяніс Рабянок: "Над кожным вісіць дамоклаў меч рэпрэсій"

Над кожным, хто актыўна займаецца ў Беларусі грамадскай і тым больш палітытычнай дзейнасцю, вісіць дамоклаў меч рэпрэсій. Затрыманні, пратаколы, штрафы, адміністрацыйныя арышты і крымінальныя справы — інструментаў "нармалізацыі" ва ўладаў хапае (гэты бальшавіцкі тэрмін на фоне чарговай гадавіны ўварвання СССР у Чэхаславакію ў сённяшняй Беларусі гучыць вельмі актуальна). Нават спроба скарыстацца фундаментальнымі правамі чалавека і грамадзяніна, якія як быццам гарантуе нам Канстытуцыя, можа стаць у Беларусі нагодай для пераследу і скончыцца судом. Любы актывіст у Беларусі сутыкаўся з дзяржаўнай машынай падаўлення. Таму сённяшні абвінаваўчы прысуд Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку быў цалкам чаканы — гэта логіка сістэмы, якая трэці дзясятак гадоў закатвае ў асфальт незалежнае грамадства.

Здымак Вясна. Правы чалавека ў Беларусі / Viasna. Human rights in Belarus
Ілюстрацыя ПЦ "Вясна"

Тым больш, калі размова пра лідараў такой моцнай і актыўнай арганізацыі, як Незалежны прафсаюз РЭП, бо кожны выйграны нашымі юрыстамі суд, кожная перамога ў сутыкненнні з сістэмай, якая парушае свае ж Законы і пазбаўляе беларусаў магчымасці адчуваць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі, — гэта крок да вызвалення, крок да росту грамадзянскай актыўнасці. Зразумела, што дазволіць спакойна існаваць моцнай і дзейнай структуры, якая мае вядомасць і заслужаны аўтарытэт у людзей па ўсёй Беларусі, улада не магла. Асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх і парлямэнцкіх "выбараў". Але ж сам працэс стаў "момантам ісціны" ва ўсіх сэнсах. Усе зразумелі яго адкрыта палітычны характар і ўбачылі, на чыім баку праўда. Я ўпэўнены, што ні спадар Генадзь, ні спадар Ігар не адмовяцца ад дзейнасці на ніве змагання за правы шэраговых людзей, а наш прафсаюз будзе працаваць далей, нягледзячы на ўціск і пераслед.

Прыкра, што на гарызонце няма ніякага рэальнага алгарытму дзеянняў, ЯК выйсці з таго заганнага кола, па якім Беларусь рухаецца вось ужо трэці дзясятак гадоў. І сёння зноў АМАП затрымаў 11 чалавек...

Дзяніс Рабянок,
кіраўнік аддзялення прафсаюза РЭП у Калінкавічах

Прочитано 606 раз