Профблог / 12.11.18

Дзяніс Рабянок: "Аляксандр заняў прынцыповую пазіцыю, не сагнуўшы спіну перад начальніцай"

Кираўнік калінкавіцкай суполкі прафсаюза РЭП Дзяніс Рабянок распавёў пра дапамогу работніку зверафермы Аляксандру Сеўруку:

Дзяніс Рабянок
Дзяніс Рабянок

"Што такое прафсаюз? Гэта не офіс, не афіцыйная рэгістрацыя, не пячатка і не друкаванае выданне. Прафсаюз — гэта, перш за ўсё, людзі. Людзі, якія ў самых розных кутках Беларусі прыходзяць на дапамогу і змагаюцца за правы — свае і чужыя.

І сёння, нягледзячы на тое, што суд у Менску пакінуў без зменаў вырак нашым лідарам Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, якія былі асуджаныя на 4 гады хатняй "хіміі" з вялікім штрафам і забаронай на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-распарадчымі функцыямі, я ўпэўнены, што мы будзем працягваць актыўную дзейнасць. Бо, дзякуючы мудраму падыходу, РЭП стаў арганізацыяй, у якой самастойнасць абласных і лакальных суполак умацоўвае ўсю структуру прафсаюза.

А як пацверджанне хачу распавесці пра тое, як літаральна пару дзён таму калінкавіцкая суполка дапамагла рабочаму Аляксандру Сяўруку, які працуе цесляром на мясцовай зверагаспадарцы. Яго асноўны абавязак — рамонт клетак, але з нядаўняга часу яму загадалі рабіць яшчэ і іх абпальванне. А гэта небяспечны від працаў, пры выкананні якіх у абавязковым парадку павінны кожны раз складаць нарад-допуск, прызначаць адказнага і выдаваць спецыяльныя сродкі індывідуальнай абароны. Нічога гэтага зроблена не было, а Аляксандру быў аддадзены ўльтыматыўны загад: "Працуй і маўчы!" А як працаваць, калі нават выдадзены газавы балон быў без рэдуктара? Зразумела, што працаваць у такіх умовах — гэта свядома парушаць зацверджаныя інструкцыі і правілы супрацьпажарнай бяспекі ды яшчэ з перспектывай таго, што цябе зробяць вінаватым, калі нешта здарыцца. Прыкладаў гэтага — процьма па ўсёй краіне.

На данном изображении может находиться: 1 человек, на улице
Аляксандр Сяўрук

Аляксандр прыйшоў у прафсаюз у пачатку мінулага года, калі актыўна збіраў подпісы супраць сумнавядомага "дармаедскага" Дэкрэта. І зараз ён заняў прынцыповую пазіцыю, не сагнуўшы спіну перад начальніцай, якая напісала на яго дакладную па-сутнасці за тое, што ён патрабаваў выканання Закона.

Пры дапамозе калінкавіцкай суполкі Незалежны прафсаюз РЭП была складзена заява на імя дырэктара зверагаспадаркі, якую Аляксандр і падаў, афіцыйна зарэгістраваўшы ў прыёмнай. Як вынік — сітуацыя выправілася і стала, нарэшце, з галавы на ногі. І мы ўсе разам атрымалі, на першы погляд, маленькую, але вельмі важную перамогу.

Бо змены пачнуцца толькі тады, калі беларусы пачнуць адстойваць свае, падкрэслю — Законныя! — правы. Будуць выходзіць і спыняць фінансаванне афіцыйных "дзяржаўных" прафсаюзаў, якія, часцей за ўсё, проста не рэагуюць на скаргі сваіх чальцоў ці нават выступаюць на баку адміністрацыі. Будуць адмаўляцца ад прымусовай падпіскі, пабораў, "загону" на датэрміновае галасаванне і іншых практык сучаснага "прыгоннага права". Без адстойвання асабістай годнасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі хаця б у пытаннях, якія тычацца паўсядзённага жыцця (працы, службы ў войску, здароўя, адукацыі дзяцей і г. д.) ніякая новая ўлада не ў стане будзе прынесці нам такія чаканыя і наспелыя змены. Не трэба чакаць "добрага цара", трэба самім выкарасквацца з багны бяспраўя.

Палітычны суд над Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам — гэта сведчанне слабасці ўлады і нашай сілы. Таму — працуем далей!"

 


КАК ВСТУПИТЬ В ПРОФСОЮЗ РЭП

Независимый профсоюз РЭП в соцсетях. Подписывайтесь, читайте, обсуждайте! - Фейсбук; - Одноклассники; - Вконтакте; - Телеграм.

Прочитано 293 раз
  • Выделить: no