Профблог / 10.01.19

Дзяніс Рабянок: «Яны паляваннем на «незанятых в экономике» займаюцца; да іншых спраў рукі не даходзяць»

Кіраўнік Калінкавіцкай профгрупы РЭП Дзяніс Рабянок у сваім блогу даследуе сайты Калінкавіцкага райвыканкама і Міністэства працы:

З 1 студзеня 2019-га года ўступіла ў дзеянне Пастанова ўрада, згодна з якой інтэрнэт-старонкі дзяржаўных органаў абавязкова павінны мець беларускамоўныя версіі. Прычым, прынятая яна была яшчэ ў кастрычніку 2017-га! Здавалася б, што за цэлы год гэтае пытанне ў рабочым парадку павінна было б вырашыцца. Але ж Рэспубліка Беларусь — гэта дзяржава, дзе рэальнасць вельмі часта супярэчыць "прыгожым" словам на шматлікіх паперах з пячаткай самых высокіх начальнікаў.

Добра ведаючы пра асаблівасці адносін уладнай вертыкалі да ўсяго, што тычыцца ўжывання беларускай мовы, я некалькі месяцаў таму пад час так званай "прамой лініі" звярнуўся да старшыні калінкавіцкага райвыканкама, каб удакладніць пытанне пра стварэнне беларускамоўнай версіі інтэрнэт-старонкі падначаленага яму органа. Мне нават даслалі пісьмовы адказ, дзе запэўнівалі, што праблему вырашаць да канца 2018-га года. Хаця, як па мне, то беларускамоўныя версіі павінны стварацца першапачаткова, разам з рускамоўнымі, а не па ўрадавым загадзе з Менску. І менавіта беларуская мова павінна быць галоўнай, а інакш навошта гэтыя бясконцыя словы пра нацыянальную свядомасць, патрыятызм і павагу да беларускай мовы?

І што маем на сённяшні дзень? Як не было беларускамоўнай версіі ў інтэрнэт-старонкі калінкавіцкага райвыканкама, так і няма. А як жа Пастанова ўрада і абяцанні калінкавіцкіх чыноўнікаў? Каб дазнацца ўсё з першых вуснаў, я, загадзя запісаўшыся, выправіўся асабісты прыём да старшыні, на гэты раз ужо "вочы ў вочы", як кажуць. Магу сказаць, што чарга на асабісты прыём — гэта цэлы свет, як Бесонаўская "Падземка"! (кінаманы зразумеюць)))). Там вельмі добра бачна, наколькі бутафорскія ўжо знакамітыя "сила и процветание"). Але вернемся да галоўнага.

Нет описания фото.

Згодна з атрыманай мною інфармацыяй, стварэннем беларускамоўных версій інтэрнэт-старонак займаецца толькі 1(!) дзяржаўная структура, якая, калі верыць калінкавіцкім чыноўнікам, не ў стане своечасова выканаць свае абавязацельствы, і наш выканкам стаіць "лісце чакання" да лютага 2019-га. Цікавіла мяне і яшчэ адно пытанне: чаму ў мясцовай дзяржаўнай газеце амаль не выкарыстоўваецца беларуская мова, дзе роўнасць дзяржаўных моў, ці ў стане райвыканкам паспрыяць таму, каб у "Калінкавіцкіх навінах" прайшла "беларусізацыя"?

"Вопрос будет расссмотрен, вам будет дан письменный ответ..." Ну што ж, русіфікацыя крочыць па краіне, а мы будзем беларусізацыяй па меры магчымасцяў займацца). А пісьмовыя тлумачэнні чыноўнікаў абавязкова з'явяцца ў мяне на старонцы.

P. S. А сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, куды я звяртаўся па гэтай жа праблеме яшчэ ў красавіку 2018-га года (каму будзе цікава, глядзіце допіс па спасылцы) таксама дагэтуль не мае беларускамоўнай версіі. Хаця, адтуль мне даслалі разгорнутыя тлумачэнні на 2 старонкі (з яго я і даведаўся пра вышэйзгаданую Пастанову) і запэўнілі, што працы па стварэнні беларускамоўнай версіі завершаныя, засталося зусім нічога — сайт абнавіць. Але 8 месяцаў, як паказвае практыка, на гэта не хапіла. Хаця, адкуль у іх час на беларускую мову). Яны ж там з такім імпэтам і жаданнем "паляваннем" на "незанятых в экономике" займаюцца ўжо не першы год, што, відаць, да іншых спраў і рукі не даходзяць))).


КАК ВСТУПИТЬ В ПРОФСОЮЗ РЭП

Независимый профсоюз РЭП в соцсетях. Подписывайтесь, читайте, обсуждайте! - Фейсбук; - Одноклассники; - Вконтакте; - Телеграм.

Прочитано 1049 раз