Профблог / 07.02.19

Дзяніс Рабянок: трэба адстойваць свае правы, інакш заўтра выйдзе новы "дэкрэт" аб працоўных лагерах

На данном изображении может находиться: Dzianis RabianokУрад перанёс на сакавік пачатак спагнання платы за падагрэў вады па "тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё выдаткаў", з беларусаў, унесеных камісіямі пры выканкамах у спісы "незанятых у эканоміцы". Нагадаю, што розніца паміж "дармаедскім" і "звычайным" тарыфамі складае амаль 5 разоў: 81,4 р. супраць 16,9 р. Але гэта толькі адтэрміноўка. Сумнавядомы Дэкрэт пра так званых "дармаедаў", у новай рэдакцыі — "незанятых у эканоміцы", працягвае дзейнічаць насуперак Канстытуцыі, эканамічнай логіцы і маралі.

Але ж праца — гэта не абавязак, за невыкананне якога чалавека трэба жорстка караць, падвышаючы тарыфы на паслугі ЖКГ амаль у 5 разоў, а наша Права! І кожны сам вырашае, як ім карыстацца. Дэкрэт жа пераварочвае ўсё з ног на галаву, фактычна робячы працу прымусовай. Дасведчаныя і аўтарытэтныя эксперты-юрысты даўно зрабілі свае высновы, згодна з якімі дадзены дакумент быў прызнаны неканстытуцыйным, больш таго — ён парушае міжнародныя нормы ў галіне правоў чалавека, якія Беларусь павінна выконваць.

Калі ж разбірацца з эканамічным бокам пытання, то Дэкрэт цалкам супярэчыць логіцы і здароваму розуму. Чалавек забяспечвае сябе і сваю сям'ю, нічога не просячы ў дзяржавы? Так улада толькі радавацца павінна, а не адкрываць сезон палявання на "незанятых у эканоміцы"! Па афіцыйных дадзеных Міністэрства фінансаў за 2018-ы год доля падатку на даданую вартасць (ПДВ) складае амаль 20% (10,6 мільярдаў рублёў) усіх бюджэтных паступленняў (50,8 мільярдаў рублёў). І гэтая сума амаль цалкам пакрывае дзяржаўныя выдаткі на медыцыну і адукацыю. Што гэта значыць? Гэта значыць, што беларусы самі плацяць за навучанне сваіх дзяцей, лекаванне бацькоў і г. д., а не атрымліваюць ласку ад нейкага "дзядзі" з высокага кабінета. Бо ПДВ ёсць ва ўсім: ад коштаў на хлеб да пасцельнай бялізны ў цягніку. Таму кожны з нас штодзённа незалежна ад наяўнасці афіцыйнага працаўладкавання ўдзельнічае ў эканамічнай дзейнасці, купляючы прадукты, тавары ці аплочваючы паслугі. А ёсць жа яшчэ абавязковыя зборы і акцызы, якія таксама не з паветра ў бюджэт трапляюць, а з кішэняў беларусаў!

І ўлада свядома ўводзіць нас у зман, калі падмяняе паняцці і засяроджвае ўвагу толькі на адлічэннях у ФСАН і падаходным падатку. Калі нехта працуе за межамі Беларусі і забяспечвае сваю сям'ю, трацячы грошы ў Беларусі, то чым ён горшы тых жа рабочых "Гомсельмашу", які знаходзіцца ў эканамічнай яме і цягне грошы з бюджэту? Толькі за мінулы год страты гэтага прадпрыемства склалі больш за 60 мільёнаў рублёў. А колькі такіх "гомсельмашаў" па ўсёй Беларусі, якія не ў стане нават за атрыманыя рэсурсы і крэдыты заплаціць?! Бюджэт дае ім аграмадныя сродкі, з якіх у тым ліку выплачваюць заробак. Дзе тут эканоміка і яе законы? Дзе сацыяльная справядлівасць, калі ініцыятыўныя і актыўныя людзі, якія зарабляюць сваім розумам і здольнасцямі, не спадзяючыся на ўладу і яе службы занятасці з фэйкавымі вакансіямі і жабрацкімі выплатамі па беспрацоўі, ставяцца ў горшыя ўмовы з супрацоўнікамі глыбока стратных "гігантаў", што каменем вісяць на шыі ўсёй краіны?

Возьмем тыя ж Калінкавічы, дзе заробак 400-500 рублёў лічыцца вельмі і вельмі добрым, але як пражыць на такія грошы сям'і пры сённяшнім узроўні коштаў, паборах у школе, не кажучы ўжо пра адпачынак і іншыя сямейныя выдаткі? І самае галоўнае — дзе знайсці працу? Нам кажуць пра мінімальныя лічбы беспрацоўных, а мясцовая камісія, якая займаецца выкананнем Дэкрэту, дае звесткі пра амаль 3000 жыхароў Калінкавіцкага раёну, якія "незанятыя ў эканоміцы". Вось і мяркуйце, які стан у рэгіёнах з працай. А гэта ж асноўнае, ад чаго залежыць жыццё чалавека.

Лічу, што гэты Дэкрэт сведчыць пра поўны правал вертыкалі ў справе эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Улада сама распісалася ў сваёй неэфектыўнасці і жадае перакласці свае паразы на людзей, каб яны заплацілі за нядбайнасць і непрафесіяналізм чыноўнікаў, як менскіх, так і гомельскіх. Ды яшчэ і ставячы пад удар сацыяльна неабароненыя групы насельніцтва. Бо гэта маразм, калі хатняя гаспадыня, якая выхоўвае дзяцей і не мае запісу ў працоўнай кніжцы, павінна плаціць за камуналку больш, чым сусед, які атрымлівае мінімальны заробак на "мёртвым" заводзе. Яна робіць меншы ўнёсак у развіццё грамадства, клапоцячыся пра новае пакаленне? Абарона сям'і і дзяцінства ўжо не ў прыярытэтах нашай дзяржавы?

На маю думку, Незалежны прафсаюз РЭП робіць вельмі важную і неабходную справу, паставіўшы змаганне з сумнавядомым Дэкрэтам у цэнтр сваёй дзейнасці. Наша юрыдычная служба мае багаты досвед і практыку. Асабліва на Гомельшчыне, дзе наш прававы інспектар, спадар Leanid Sudalenka, без сумневаў, знаходзіцца на перадавой у справе змагання з гэтым нялюдскім Дэкрэтам і абароны правоў беларусаў. "Ігнор", на які шмат хто спадзяецца, тут не дапаможа, толькі актыўная пазіцыя і рашучасць. "Трэба цягнуць камісіі ў суд", — паўтару я словы спадара Леаніда. Трэба адстойваць свае правы. Інакш заўтра выйдзе новы "дэкрэт" ці "ўказ" пра прыгон і працоўныя лагеры...


КАК ВСТУПИТЬ В ПРОФСОЮЗ РЭП

Независимый профсоюз РЭП в соцсетях. Подписывайтесь, читайте, обсуждайте! - Фейсбук; - Одноклассники; - Вконтакте; - Телеграм.

Прочитано 510 раз
  • Выделить: no