Профблог / 18.03.19

"Наш адказ — цвёрдая і непахісная пазіцыя, заснаваная на Канстытуцыі, логіцы эканамічных адносін і салідарнасці"

Лідэр Калінкавіцкай прафгрупы РЭП Дзяніс Рабянок распавядае аб судовым працэсе па позве Марыі Тарасенкі да "дармаедскай" камісіі, які адбыўся ў Гомелі 15 сакавіка 2019 года:

На маю думку, "дармаедскі" Дэкрэт — гэта не толькі і не столькі пра грошы, якія ўлада жадае ў чарговы раз злупіць з беларусаў. Бо, напрыклад, тая ж перакладка пліткі некалькі разоў запар у цэнтры Гомеля напрыканцы 2018-га года каштавала бюджэту відавочна нашмат больш за тыя сродкі, што могуць быць патэнцыйна спагнаныя з грамадзян, якіх уключылі ў адмысловыя спісы, навесіўшы ярлык "незанятых у эканоміцы". Па маім меркаванні, гэта праверка, стрэс-тэст, як кажуць, з дапамогай якога сістэма жадае кансалідаваць усе "паверхі" чыноўніцкай вертыкалі, каб пераканацца ў тым, што "арганізм" працуе і будзе выконваць любыя загады з цэнтру. Нават, калі яны адкрыта супярэчаць Канстытуцыі, падзяляюць грамадства і выклікаюць вялікую незадаволенасць у насельніцтва. Інакш я проста не магу зразумець, навошта так упарта і паслядоўна імкнуцца ажывіць і запусціць у актыўнае выкарыстанне заканадаўчы акт, які ужо ў праекце быў мёртванароджаным, бо супярэчыць не толькі эканамічнай логіцы, але нават простаму рацыянальнаму мысленню, не кажучы ўжо пра сацыяльныя і маральныя чыннікі.

На данном изображении может находиться: 2 человека, в том числе Dzianis Rabianok
Дзяніс Рабянок

Што ў такой складанай сітуацыі можна супрацьпаставіць дзяржаве, якая пайшла ў наступ "узброеная" камісіямі "па спрыянні занятасці" (вось ужо сапраўды "новаяз" і падмена паняццяў!), інфармацыйнымі групамі, пастановамі ўрада і тарыфамі, якія будуць выцягваць апошнія рублі з кішэняў людзей? Мне здаецца, што наш адказ — гэта цвёрдая і непахісная пазіцыя, заснаваная на Канстытуцыі, логіцы эканамічных адносін і салідарнасці. І сёння ў судзе Чыгуначнага раёну Гомеля, дзе адбыўся разгляд грамадзянскай справы Мария Тарасенко, якая патрабуе спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды з дзяржаўных органаў, якія выступаюць у ролі адданых выканаўцаў загадаў зверху, якраз і адбылася "праверка боем".

На данном изображении может находиться: один или несколько человек и на улице
Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. 15 сакавіка 2019 года, Гомель, суд

Але гэта быў суд не як змаганне аднаго чалавека за свае асабістыя правы, гэта змаганне за фундаментальныя правы ўсіх жыхароў Беларусі, барацьба за выкананне Канстытуцыі і абарона прынцыпу роўнасці ўсіх перад Законам. І трэба сказаць, што без мэтанакіраванай і паслядоўнай дзейнасці на гэтым полі Незалежны прафсаюз РЭП ні сённяшні суд, ні тая хваля грамадскай увагі да "дармаедскай" праблемы былі б проста немагчымыя.

Амаль чатыры гадзіны цягнулася судовае паседжанне. Я сядзеў у перапоўненай залі і назіраў за бездапаможнасцю афіцыйных прадстаўнікоў адміністрацыі Чыгуначнага раёна, абласнога ўпраўлення працы і сацыяльнай абароны, гарадскога і абласнога ўпраўлення фінансаў — на усё ў іх быў толькі адзін адказ: "Дэкрэт мае сілу Закона і абавязковы для выканання ўсімі грамадзянамі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь"... Праваабаронцы і сябры Незалежнага прафсаюзу РЭП Leanid Sudalenka і Andrej Stryzhak, якія правялі велізарную падрыхтоўчую юрыдычную і інфармацыйную працу яшчэ да пачатку суда і удзельнічалі ў працэсе ад нашага прафсаюза, як прадстаўнікі спадарыні Марыі, без усялякіх сумненняў выступалі бліскуча, паказаўшы ўсю заганнасць нормаў "дармаедскага" Дэкрэту, раскрылі яго антыэканамічную сутнасць і пераканаўча абгрунтавалі недапушчальнасць рэалізацыі гэтага сумніўнага дакумента дзяржаўнымі органамі на практыцы. Моц аргументаў і Права былі цалкам на іх баку.

І хоць абвяшчэнне рашэння суда адбудзецца толькі 18 сакавіка. Гэта будзе не больш, чым фармальнасць. Галоўнае зроблена — грамадства не пайшло ў "дэкрэтнае" ярмо і мае вялікія шанцы на перамогу. Застаецца толькі не спыняцца, а ўсім беларусам не забываць самага галоўнага, што "спасение утопающих — дело рук самих утопающих". Грамадская актыўнасць і паслядоўная абарона законных правоў — вось асноўныя складнікі перамогі над сістэмай і шлях да зменаў у Беларусі. Іншага проста не дадзена.


КАК ВСТУПИТЬ В ПРОФСОЮЗ РЭП

Независимый профсоюз РЭП в соцсетях. Подписывайтесь, читайте, обсуждайте! - Фейсбук; - Одноклассники; - Вконтакте; - Телеграм.

Прочитано 792 раз