17 кастрычніка на сядзібе прафсаюза ў Мінску адбылося паседжанне Савета прафсаюзу РЭП. Лідэр прафсаюзу Генадзь Фядыніч пракаментаваў падзею.
Рабочая Салідарнасць:
– Як можна ацаніць адбыўшыся Савет, якія пытанні абмяркоўваліся?
Генадзь Фядыніч:
– Гэта было звычайнае чарговае паседжанне Савету. Разглядаліся рабочыя пытанні, праца прафсаюзных структур у рэгіёнах. Я лічу, што было слушна адзначана, што, нягледзячы на ўсе складанасці часу, не варта замыкацца ў сабе, у сваіх унутраных праблемах. Трэба працаваць з людзьмі і актыўней выходзіць да грамадства, вядома, калі ёсць з чым. А ў нас, на маю думку, ёсць з чым, гэта, найперш, наша сацыяльная Платформа. Таксама важнае рашэнне прынята аб правядзенні пазачарговага з’езду прафсаюзу. Яшчэ разглядалася пытанне пра фінансавае становішча ў прафсаюзе і збор прафсаюзных складак у поўным памеры. Гэта пытанне рэгулярна паўстае і неаднойчы ўжо разглядалася кіруючымі органамі. Праблема існуе, яна звязана са складаным становішчам у краіне, з эпідэміяй каронавірусу, з тым, што нямала сябраў ад’яжджаюць за мяжу ў пошуках працы. Але трэба даводзіць людзям, што складкі плаціць трэба, яны не для кіраўніцтва збіраюцца, а на штодзённую працу ўсёй арганізацыі, тых жа рэгіянальных офісаў. Прафсаюз і раней перажываў падобнае, і мы, спадзяюся, выйдзем з гэтых цяжкасцяў. Важна падтрымліваць адзін аднаго, каб была салідарнасць не на словах, а на справе. Такія вось асноўныя пытанні.
РС:
– Чаму неабходна тэрмінова праводзіць з’езд?
ГФ:
– На жаль, выконваючы абавязкі старшыні не з’яўляецца старшынёй. Па даручэнні Савета гэтыя абавязкі выконвае зараз Васіль Берасьнеў, і вялікае яму дзякуй за гэта. Але для паўнавартаснага функцыянавання арганізацыі патрэбны абраны старшыня, гэта важна і для размоваў з гэтымі ўладамі і для кантактаў з замежнымі партнёрамі.
РС:
– Ці не паўстануць на глебе выбараў спрэчкі ці канфлікты ў прафсаюзе?
ГФ:
– Спрэчкі пры абмеркаванні кандыдатаў — гэта нармальна, а канфліктаў, спадзяюся, не павінна быць. Самае галоўнае, каб не было перашкодаў з боку ўладаў. Мы гэта ўжо праходзілі. Таму будзем рабіць усё дакладна па Статуце, па законе, і, калі будуць нейкія з боку ўлады да нас неапраўданыя прэтэнзіі, мы, безумоўна, будзем звяртацца ў міжнародныя структуры.
РС:
– Прафсаюз ізноў звяртаецца да сацыяльных пытанняў, да Платформы. Вам не здаецца, што гэта можа адцягнуць прафсаюз ад нейкіх больш важных задач?
ГФ:
– Сацыяльна-эканамічныя пытанні цяпер, безумоўна, выходзяць для людзей на першы план. Па маім меркаванні, яны больш важныя, чым розныя канстытуцыйныя рэферэндумы. Зараз для вялікай колькасці людзей усё больш актуальным становіцца пытанне як жыць, як выжыць ва ўмовах цяжкай пандэміі. Як утрымліваць сем’і, вырасціць дзяцей. Упэўнены, што розныя рэформы кіравання можна было б адкласці, а зараз паклапаціцца не словах, а на справе пра дабрабыт і бяспеку народа. Таму, на маю думку, нашыя сацыяльныя прапановы будуць знаходзіць разуменне і падтрымку беларусаў.Савет