Сваё меркаванне аб Платформе выказвае адзін з арганізатараў і лідэраў рабочага руху Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1990-1995 гг.) Сяргей Антончык.

Фота Радыё Свабода
Калі казаць пра Платформу прафсаюза РЭП, на маю думку, гэта бліскучая ідэя. Вобразна кажучы, смерць Кашчэя Несмяротнага закладзена ў пунктах гэтай Платформы. Я маю на ўвазе, што ні апазіцыя, ні адзіныя кандыдаты нічога не здолеюць зрабіць, пакуль працоўныя Беларусі не паставяць любой уладзе, якая б яна не была пэўныя рамачныя ўмовы, праз якія гэтая ўлада ня мае права перайсці. Гэта датычыцца сацыяльных, эканамічных і палітычных правоў, заробкаў, пенсій, агульнага ўзроўню жыцця. Спроба стварэння праз Платформу такіх рамак для ўлады – гэта першы крок да пабудовы цывілізаваных адносінаў паміж грамадствам і дзяржавай. Ні ў ЗША, ні ў Еўропе ніводны кіраўнік, як бы ні хацеў таго, ня можа парушыць пэўных рамак у дачыненнях грамадства і кіраўніцтва, ня можа пераступіць праз грамадства. У нас у Беларусі такіх рамак няма. Платформа РЭП дае магчымасць іх пабудаваць. Таму зараз вельмі важна аб’яднаць вакол гэтай ініцыятывы як мага больш людзей, якія маглі б давесці гэтую Платформу да кожнага беларуса. У перспектыве я бачу наогул стварэнне такога агульнанацыянальнага страйкама, які будзе ў стане паставіць пытанне рубам. Але гэта пакуль тэарэтычна, я кажу пра ідэю, якая рэалізуецца прафсаюзам.
Там, на дзяржаўных прадпрыемствах, людзі працуюць за капейкі, кожны дзень іх могуць звольніць. Там нараджаецца страх сярод людзей. І гэта яшчэ адзін аргумент за Платформу.
Я ўпэўнены, што неправыя тыя, хто лічыць, што людзі ў нас да ўсяго абыякавыя. Людзі шмат што разумеюць, але не бачаць механізмаў, як рэалізоўваць розныя праграмы пераменаў. А Платформа РЭП дае магчымасць удзельнічаць у працэсе ня толькі людзям, якія займаюцца палітыкай, але простым грамадзянам, бо пункты Платформы датычацца кожнага чалавека, практычна кожнага жыхара Беларусі. Таму, падкрэсліваю, трэба шукаць людзей, тых, хто мог бы трансліраваць ідэі Платформы ў грамадства, трэба ствараць механізмы зваротнай сувязі, арганізоўвацца. Важна, што ўжо ёсць Платформа, вакол якой могуць аб’яднацца самыя розныя людзі.
Я сам да такой працы гатовы далучыцца на ўсе сто працэнтаў, таму што яна цалкам сугучная нашым ідэям пра стварэнне рэспубліканскага страйкама. Я упэўнены, будзе шмат людзей, якія будуць падтрымліваць вашу Платформу. Варта таксама патлумачыць апазіцыі, што гэта не альтэрнатыва ім, што гэта скіравана на аб’яднанне людзей працы, чаго зараз няма ў нашай краіне.
Важна, што гэты працэс пачынае біць у самы падмурак. Туды, дзе ствараецца ўвесь гэты прыбытак, на якім існуе армія чыноўнікаў, сілавікоў, рознага “апарату”. Там, на дзяржаўных прадпрыемствах, людзі працуюць за капейкі, кожны дзень іх могуць звольніць. Там нараджаецца страх сярод людзей. І гэта яшчэ адзін аргумент за Платформу. Менавіта яе рэалізацыя – гэта пачатак сапраўдных сацыяльных і палітычных зменаў у нашай краіне.